Пра гэта заявіў дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк у інтэрвію італьянскай газэце La Repubblica.
«Папярэдняя пазыцыя Ўкраіны такая: мы разумеем, што адзін з асноўных сцэнароў выхаду з гэтай вайны — гэта замарожваньне канфлікту ўздоўж лініі фронту», — адзначыў Падаляк.
Ён удакладніў, што тэрыторыі, якія сёньня акупаваныя Расеяй, застануцца такімі «дэ-факта». Пры гэтым Украіна гатова пайсьці на замарожваньне канфлікту толькі на такіх умовах.
«Затым пачнецца вялікая праца з выкарыстаньнем эканамічных, дыпляматычных і іншых інструмэнтаў, каб вярнуць гэтыя тэрыторыі Ўкраіне. Але дэ-юрэ яны застануцца ўкраінскімі», — падкрэсьліў дарадца.
Ён дадаў, што ніхто не прызна́е гэтыя тэрыторыі расейскімі «дэ-юрэ», і перадача тэрыторыяў агрэсару забароненая ў тым ліку канстытуцыяй Украіны.
Падаляк лічыць, што ўрэгуляваньне канфлікту павінна ўключаць
- значнае ўмацаваньне Ўзброеных сілаў Украіны,
- павелічэньне вытворчасьці зброі,
- павелічэньне вайсковага бюджэту Эўропы.
- забесьпячэньне Злучанымі Штатамі Амэрыкі супрацьпаветранай абароны Ўкраіны.
«І Вялікая Брытанія, і Францыя заявілі: мы будзем гатовыя адправіць кантынгенты, калі амэрыканцы забясьпечаць прыкрыцьцё з паветра», — сказаў Падаляк.
Найважнейшым элемэнтам гарантыяў бясьпекі для Ўкраіны ён лічыць разьмяшчэньне на яе тэрыторыі ракетаў з далёкасьцю палёту да 2000 км, якія могуць дасягнуць эўрапейскай часткі РФ.
«Расеі трэба ведаць, што тут ёсьць ня толькі ракеты малой далёкасьці, але і сярэдняй і сярэдне-вялікай», — растлумачыў дарадца.
Разам з тым, Падаляк перакананы, што Расея не зацікаўленая ў сапраўдных перамовах. Ён лічыць, што Пуцін па-ранейшаму жыве ў савецкай парадыгме і лічыць Украіну сваёй сфэрай уплыву.
«Для Пуціна важны прававы статус гэтых тэрыторыяў. Прызнаньне іх за ім зьняло б абвінавачваньне ў ваенных злачынствах», — кажа Падаляк.
«Акрамя таго, у Пуціна павінен быць хоць бы адзін „замарожаны“ канфлікт — гэтак Расея застанецца мілітарызаванай і аўтарытарнай краінай», — лічыць палітык.
Міхаіл Падаляк — дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Украіны Ўладзіміра Зяленскага. Ён з’яўляецца ключавой фігурай у дзяржаўнай камунікацыі і часта выступае з афіцыйнымі заявамі ад імя ўкраінскіх уладаў.
З 1989 да 2004 году ён жыў у Беларусі, працаваў журналістам у незалежных выданьнях і ўрэшце за свае артыкулы і быў дэпартаваны.
Форум