У пастанове суду адзначаецца, што дырэктар на паседжаньне не прыйшоў, хоць быў належным чынам апавешчаны.
Дырэктар — гэта Павал Белавус, які быў затрыманы ў лістападзе 2021 году і ў траўні 2023-га асуджаны на 13 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. У тым жа годзе яго ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў».
Крама Symbal.by працавала з 2014 году і стала адной з найбольш вядомых у справе папулярызацыі беларускай мовы і культуры.
У 2020 годзе крама шыла і перадавала мэдыкам засьцерагальныя маскі, а ў 2021-м вымушана была зачыніцца пад ціскам уладаў.
Павал Белавус таксама быў кіраўніком культурніцкай пляцоўкі «Арт Сядзіба», якая праз канцэрты і лекцыі далучала моладзь да беларушчыны.
Хто такі Павал Белавус
Павал нарадзіўся ў Лідзе, вучыўся на геаграфічным факультэце ў Берасьцейскім дзяржаўным унівэрсытэце.
«Хоць і вучыўся на геафаку, хацеў стаць журналістам. Я паступаў туды, бо добра ведаў беларускую мову, матэматыку, і мне патрэбен быў трэці прадмет. І я такі: „О, геаграфія! Паеду паступаць на геафак“. Але з другога курсу я пачаў пісаць, больш працаваў у журналісцкай сфэры. Дзякуючы геафаку, што я вучыўся ў Берасьці, я пазнаёміўся зь „Дзедзічам“, які зацягнуў мяне ў актывізм», — расказваў пра сябе Павал.
(«Дзедзіч» — агенцтва рэгіянальнага разьвіцьця. Грамадзкая адукацыйная, інфармацыйная і культурная пляцоўка. — РС).
Разам зь сябрамі заснаваў «Арт Сядзібу»
У 2011 годзе Павал Белавус разам зь сябрамі стварылі інфармацыйна-асьветніцкую арганізацыю «Арт Сядзіба». Праз канцэрты, лекцыі і забаўляльныя імпрэзы, якія рабіла «Арт Сядзіба», да беларушчыны масава далучалася моладзь па ўсёй краіне.
Зрабіў вышыванкі ізноў моднымі, папулярызаваў беларускую культуру
Пазьней Павал стварыў краму Symbal.by, якая папулярызавала рэчы і зьявы, зьвязаныя зь беларускай мовай, культурай і гісторыяй. Вясной і летам 2020-га крама шыла вялікія партыі засьцерагальных масак і перадавала іх мэдыкам па ўсёй краіне. На пачатку сакавіка 2021-га краму празь ціск уладаў закрылі.
У 2020 годзе Павал стварыў грамадзкую кампанію «Годна», якая прасоўвала сучасную нацыянальную ідэю Беларусі. У ёй каманды маладых людзей стваралі культурныя і гістарычныя праекты.
Павал мае жонку Кацярыну і дваіх малых дзетак: Соф’ю і Мірона.
Форум