Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па-беларуску выйшаў культавы літоўскі раман пра часы Вялікага Княства Літоўскага


Раман Silva rerum, беларускі пераклад
Раман Silva rerum, беларускі пераклад

У праскім выдавецтве Vesna выйшлі першыя дзьве кнігі раману Крысьціны Сабаляўскайце.

Выйшлі першыя дзьве кнігі самай значнай падзеі літоўскай літаратуры ХХІ стагодзьдзя — гістарычнага чатырохкніжжа Крысьціны Сабаляўскайце Silva rerum, адзначылі ў выдавецтве. Кнігі сэрыі ў Літве ўжо маюць больш за 20 перавыданьняў.

Дзьве кнігі раману, перакладзеныя на беларускую мову. Пераклад наступных частак працягваецца
Дзьве кнігі раману, перакладзеныя на беларускую мову. Пераклад наступных частак працягваецца

«Гэта захапляльная сага шляхоцкага роду Нарвойшаў гербу Касьцеша ад сярэдзіны XVII стагодзьдзя праз усё XVIII аж да канца існаваньня нашага Вялікага Княства. Дагэтуль яна была перакладзеная на латыскую і польскую мову, але нікому гэтая яскравая і драматычная гісторыя ня будзе так блізкая, як двум народам — літоўцам і беларусам. Падзеі сэрыі адбываюцца як у Вільні, гэтак і ў розных кутках Княства — ад жамойцкай вёскі да Нясьвіжу і Слуцку».

Пераклад зь літоўскай мовы зрабіў Сяргей Шупа.

Пераклад ужо ацаніў вядомы беларускі пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч.

«Сьвет яе гістарычнай прозы — нейкі вельмі наш… і ў той самы час: даволі-такі прывідна наш. Быццам люстэрка для прыдуманай намі для сябе мінуўшчыны. Ці пазнаем у ім сябе? Цікава…

Гэта сапраўды вялікая кніга пра нашу Эўропу, Эўропу бясконцых шэра-зялёных лясоў, таямнічых рэк і глыбокіх азёраў, раскіданых між гэтага маркотнага абшару каменных маёнткаў і гарадоў, што хутчэй бароняцца сваёй эўрапейскасьцю ад навакольля, чым яго дапаўняюць. Кніга пра Эўропу, якую на Захадзе дагэтуль успрымаюць як terra incognita. Пра іншую Эўропу. Кніга пра тую Літву, якой беларусы збольшага ня ведаюць, хоць яна неймаверна блізка — значна бліжэй, чым здаецца. Кніга пра тое мінулае, калі між Літвой і Беларусьсю не было межаў у сучасным сэнсе слова. Кніга пра тое самае легендарнае ВКЛ часоў павольнага (а мо імклівага: хуткасьць і ход гісторыі залежаць ад таго, хто, калі і, галоўнае, каму яе чытае) заняпаду — але зь іншага боку і іншай мовай.

О, з гэтым ВКЛ усё ня так проста. Нарэшце для беларускага чытача з ВКЛ будзе ўсё ня так проста. І гэта асабіста мяне вельмі радуе. Бо і для літоўскага чытача кніга Сабаляўскайце — аніяк ня гімн самасьці і не маніфэстацыя нацыянальнага. ВКЛ у кнізе — складаны і неймаверна цікавы арганізм, шматмоўны, шматкультурны, шматканфэсійны, шматгалосы. Сямейны. З пакручастымі артэрыямі, супярэчлівы, дзікаваты, раскошны, крывавы, плоцевы, юрлівы. Жаночы. Мужчынскі. Хворы. Поўны колішняй велічы, згаслай моцы, любові, каханьня, бруду, сьнегу і дажджу, сонца і пладоў. І, як ні дзіўна — надзеі».

Дзьве выдадзеныя кнігі ўжо можна купіць у кнігарні «Кнігаўка» і на сайце Allegro.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG