Чэхія разгледзіць магчымасьць накіраваньня міратворчых войскаў ва Ўкраіну, калі такое рашэньне ня будзе пагражаць жыцьцю жаўнераў. Пра гэта сказала міністарка абароны краіны Яна Чэрнахова, размаўляючы з журналістамі пасьля цырымоніі ўшанаваньня 57-й гадавіны ўварваньня савецкіх войскаў у Чэхаславаччыну, перадае карэспандэнт Радыё Свабода.
Чэрнахава ўдакладніла, што Прага гатовая накіраваць войскі ва Ўкраіну ў межах сумесных намаганьняў эўрапейскіх краінаў пасьля ўсталяваньня міру.
«Зразумела, на дадзены момант ніхто з нас ня хоча адпраўляць жаўнераў ва Ўкраіну, бо гэта азначала б эскаляцыю канфлікту. Але ёсьць дзяржавы-сябры, і Чэская Рэспубліка ёсьць адной зь іх, якія кажуць, што калі спыненьне агню будзе ўсталяванае нейкай дамовай, такім чынам, што будзе ўпэўненасьць у тым, што... сытуацыя там сапраўды будзе вырашаная безь ніводнага стрэлу і бяз рызыкі для жыцьця нашых жаўнераў — у той момант мы будзем гатовыя належным чынам абмеркаваць гэтыя мандаты ў нашым заканадаўчым органе», — сказала міністарка.
Чыноўніца таксама адзначыла, што на дадзены момант запыту на адпраўку войскаў ва Ўкраіну «на стале няма», таму абмеркаваньне гэтага зьяўляецца заўчасным.
«Што тычыцца любых гарантыяў бясьпекі, я не схаваю ад вас, што я крыху скептычна да гэтага стаўлюся, бо не магу ўявіць, якімі б гэтыя гарантыі мелі быць на дадзены момант. У мінулым Украіна мела гарантыі ў межах Будапэшцкага мэмарандуму, Менскіх пагадненьняў, і гэтыя гарантыі, на жаль, апынуліся нікім ня выкананымі... На Грузію напалі, на Ўкраіну напалі, Крым скралі. Нічога з гэтага, на жаль, не заахвоціла дзяржаўных дзеячоў, ці то эўрапейскіх, ці ў межах NATO, зрабіць нейкі крок», — сказала міністарка.
Чэрнахава выказала ўпэўненасьць, што найлепшай гарантыяй бясьпекі для Ўкраіны магло б стаць сяброўства ў NATO і Эўразьвязе, але гэта немагчыма бяз згоды ўсіх краінаў-сябраў.
«Дональд Трамп на дадзены момант сказаў выразнае „не“, але я ўсё яшчэ веру і не губляю надзеі, што з часам мы можам перайсьці да гэтага кроку», — дадала яна.
Раней прэзыдэнт Чэхіі Пэтр Павэлу інтэрвію чэскай агенцыі ČTK заявіў, што калі на тэрыторыі Ўкраіны будуць разьмешчаныя міратворчыя сілы, то Чэхія магла б і павінна была б быць іх часткай, бо зьяўляецца актыўным гульцом у мірным працэсе і падтрымлівае Ўкраіну ад самага пачатку расейскага ўварваньня.
Гарантыі бясьпекі для Кіева зьяўляюцца ключавым пытаньнем у намаганьнях спыніць вайну. Іх абмеркаваньне стала больш актыўным пасьля сустрэчы ўкраінскага прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам і эўрапейскімі калегамі ў Вашынгтоне.
Паводле СМІ, у рамках так званай кааліцыі ахвотных, Вялікабрытанія прапанавала разгарнуць зьнішчальнікі Typhoon на захадзе Ўкраіны і брыгаду на тры-пяць тысяч вайскоўцаў для навучаньня ўкраінскага войска. Францыя, Канада і Аўстралія таксама маглі б накіраваць войскі на захад Украіны.
Форум