Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Фонду абароны дэмакратый: Пуцін хоча атрымаць за сталом перамоваў тое, чаго ня змог дамагчыся за тры гады вайной


Ілюстрацыйны каляж. Зяленскі, Пуцін, Трамп
Ілюстрацыйны каляж. Зяленскі, Пуцін, Трамп

Кліфард Мэй — заснавальнік і прэзыдэнт Фонду абароны дэмакратый, кансэрватыўнага аналітычнага цэнтра ў ЗША, які канцэнтруецца на пытаньнях нацыянальнай бясьпекі.

У размове зь вядучай «Настоящего Времени» Яўгеніяй Токар аналізуе апошнія сустрэчы Дональда Трампа з Пуціным на Алясцы і з Уладзімірам Зяленскім у Белым доме і падкрэсьлівае: «Пуцін ад дыпляматыі хоча ня міру, а перамогі: ён хоча атрымаць за сталом перамоваў тое, чаго не здолеў дамагчыся вайной за апошнія тры гады».

Мэй таксама параўноўвае магчымы лёс Украіны з лёсам Фінляндыі пасьля «зімовай вайны» з СССР. Фінляндыя, паводле яго, таксама страціла 10% тэрыторыі, уключна з Карэліяй, але здолела захаваць незалежнасьць ад СССР і «ня стала часткай СССР, як Эстонія, Латвія і Літва, і ня стала яго васалам».

«Пуцін хоча не міру, а перамогі»

Мэй лічыць, што Пуцін успрымае ўкраінцаў як «расейцаў, якія паўсталі» і не прызнаюць сваёй сапраўднай ідэнтычнасьці. Паводле Пуціна, імі павінен кіраваць цар ці камісар з Крамля — і гэтым царом мусіць быць ён сам. Мэта Пуціна — аднавіць «расейска-савецкую імпэрыю», і ключавы элемэнт у гэтым — вярнуць Украіну пад кантроль.

Мэй адзначае, што Пуцін хоча атрымаць дыпляматычным шляхам тое, што ня змог заваяваць вайной. Цяпер Расея кантралюе частку Данбаса, але ня мае галоўных «гарадоў-крэпасьцяў» — Краматорска і Славянска. Брытанскія вайскоўцы ацэньваюць, што для іх захопу спатрэбілася б яшчэ «чатыры гады вайны і каля 2 мільёнаў ахвяр». Таму Пуцін можа паспрабаваць «выехаць» на перамовах.

Мэй разважае, што гарантыі для Ўкраіны могуць выглядаць па-рознаму: як артыкул 5 Статута NATO (напад на аднаго — напад на ўсіх), праз разьмяшчэньне ўкраінскіх саюзьнікаў — войскаў Францыі ці Брытаніі, альбо праз тэхнічную падтрымку (дроны, разьведка, беспалётная зона). Аднак ён нагадвае, што прыклад Будапэшцкага мэмарандума 1994 года паказаў: папяровыя гарантыі могуць быць нічога не вартыя.

«Мэта Пуціна — уся Украіна»

На думку Мэя, Пуцін можа пагадзіцца, калі палічыць, што атрымае патрэбныя тэрыторыі без яшчэ чатырох гадоў вайны. Ён можа думаць, што гарантыі доўга не вытрымаюць, і будзе імкнуцца зрабіць іх як мага слабейшымі.

Мэй не сумняваецца: калі Пуцін палічыць магчымым, ён паспрабуе захапіць усю Украіну. Ён не прызнае права Украіны быць незалежнай дзяржавай.

Паводле Мэя, Пуцін захапляецца Сталінам не праз камунізм, а таму, што пры ім імпэрыя дасягнула найбольшых памераў. Таксама Пуцін хоча павялічыць колькасьць «расейцаў» у Расеі, таму выкрадае ўкраінскіх дзяцей і «перарабляе» іх у «расейцаў».

Магчымы сцэнар з удзелам Трампа

Мэй прагназуе, што сур’ёзныя дамоўленасьці, калі і будуць, хутчэй за ўсё зьявяцца на трохбаковай сустрэчы Пуціна, Зяленскага і Трампа. Ён лічыць, што Трамп можа паспрабаваць выступіць арбітрам і націснуць на абодвух, каб яны пагадзіліся на кампраміс: Украіна дэ-факта страчвае Данбас і Крым, Расея не ідзе далей.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG