Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі настойваюць на ўдзеле ў гарантыях бясьпекі для Ўкраіны. У Кіеве адказалі


Палітычныя лідэры Эўропы, ЗША і Ўкраіны на перамовах у Вашынгтоне 18 жніўня 2025 году
Палітычныя лідэры Эўропы, ЗША і Ўкраіны на перамовах у Вашынгтоне 18 жніўня 2025 году

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што калектыўныя гарантыі бясьпекі Ўкраіны ня могуць быць надзейнымі без удзелу Расеі.

«Мы за тое, каб гэтыя гарантыі былі сапраўды надзейнымі. Мы ўжо не аднойчы тлумачылі, што Расея сваіх інтарэсаў не завышае, але нашыя законныя інтарэсы мы будзем забясьпечваць цьвёрда і жорстка. Упэўнены, што на Захадзе, найперш, у Злучаных Штатах, цудоўна разумеюць, што ўсур’ёз абмяркоўваць пытаньня забесьпячэньня бясьпекі без Расейскай Фэдэрацыі — гэта ўтопія», — заявіў Сяргей Лаўроў 20 жніўня.

У Кіеве паведамілі, што вядуць перамовы аб гарантыях бясьпекі зь Нямеччынай, Італіяй, Францыяй, Вялікай Брытаніяй, Фінляндыяй, Эўразьвязам і NATO.

«Разам ідзем дакладна па прыярытэтах, вызначаных лідэрамі. Усё мусіць быць вельмі канкрэтным і дзейным, каб зрабіць немагчымым паўтарэньне агрэсіі. Памятаем памылку „Будапэшту“ і дзесяцігодзьдзяў дэкляратыўных заяў. У наш час дакладна без памылак», — напісаў Андрэй Ярмак, кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны, у сваім Telegram-канале.

Паводле яго, каманда эўрапейскіх партнэраў ужо працуюць над вайсковым складнікам гарантаваньня бясьпекі.

«Распрацоўваем таксама парадак неабходных дзеяньняў, калі расейскі бок і далей будзе зацягваць вайну і зрываць дамоўленасьці пра двухбаковы і трохбаковы фармат сустрэчы лідэраў. Украіна гатова да любога фармату размовы пра сумленнае завяршэньне вайны, і мы ўдзячныя прэзыдэнту Трампу, усім у Амэрыцы, усім у Эўропе за падтрымку. Адпаведныя крокі павінны зрабіць расейцы, або — адчуць сапраўды балючы ціск сьвету», — заявіў Андрэй Ярмак.

Крэмль патрабуе, каб Расея мела права вета адносна любых гарантый бясьпекі Захаду для Ўкраіны, спрабуючы падарваць намаганьні ЗША, Эўропы і Кіева па стварэньні ўмоў для трывалага міру ва Ўкраіне, гаворыцца ў дакладзе Амэрыканскага інстытута вывучэньня вайны (ISW), які камэнтуюе ўчорашнія заявы міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 20 жніўня заявіў, што ў рамках гарантыяў бясьпекі, прапанаваных Украіне, Францыя, Нямеччына і Вялікая Брытанія могуць разьмясьціць там войскі, а ЗША забясьпечыць ім паветраную падтрымку, але менавіта якую — не ўдакладніў. «Мы забясьпечым ім вельмі добрую абарону», — сказаў Трамп.

Віцэ-прэзыдэнт ЗША Джэй Ды Вэнс падкрэсьліў, што Эўропа павінна быць гатовая ўзяць на сябе ініцыятыву ў забесьпячэньні гарантый бясьпекі.

«Я ня думаю, што мы павінны несьці тут цяжар. Я думаю, што мы павінны дапамагчы, калі гэта неабходна, каб спыніць вайну і спыніць забойствы. Але я думаю, што мы павінны чакаць, і прэзыдэнт, безумоўна, чакае, што Эўропа будзе адыгрываць тут вядучую ролю», — сказаў ён у эфіры Fox News.

Гарантыі бясьпекі былі галоўнай тэмай абмеркаваньня 18 жніўня ў Вашынгтоне на сустрэчы Дональда Трампа з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскі і лідэрамі эўрапейскіх краіны, якая адбылася пасьля перамоў на Алясцы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG