Супрацоўніка ААТ «Гроднажылбуд» затрымалі за «паклёп на Лукашэнку»
Пра гэта паведамляе сайт прадпрыемства. Вядома, што мужчына працаваў у арматурным цэху. Поўнага імя падазраванага не называюць. Пішуць, што ён ужо ў СІЗА пад сьледзтвам паводле артыкулу 367 ч.2 («паклёп на Лукашэнку»), яму пагражае да 6 гадоў зьняволеньня.
З гэтай нагоды супрацоўнікаў ААТ «Гроднажылбуд» сабралі на размову, на якой, як паведамляюць, кіраўніцтва прадпрыемства «асудзіла ўчынак былога супрацоўніка».
«Работнікі заводу праінфармаваны аб тым, як ня стаць удзельнікамі экстрэмісцкіх фармаваньняў, і аб неабходнасьці быць адказнымі ў пытаньнях бясьпекі, у тым ліку і ў сетцы інтэрнэт», — напісалі на сайце кампаніі.
Кіроўцу зь Віцебску пакаралі за «экстрэмізм»
56-гадовага Андрэя Матусенку, «дальнабойніка» зь Віцебску, пакаралі зьняволеньнем нібыта за «спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці», піша «Наша Ніва».
Выданьне паведамляе, што Матусенка зь лістапада 1987 па люты 1989 году служыў у Афганістане, мае мэдаль «За баявыя заслугі». Потым займаўся грузаперавозкамі. У 2006 годзе заснаваў у Смаленскай вобласьці фірму «ММ-Транзит», у 2020-м яе зьліквідавалі. Пасьля гэтага Матусенка працаваў у іншых транспартных фірмах у Расеі.
Матусенку, як мяркуецца, затрымалі ў пачатку 2025 году. Сутнасьць абвінавачаньняў і дакладны вырак невядомыя.
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».