Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Смаргонях зьнялі частку аўтобусных маршрутаў, бо ў аўтапарку бракуе амаль траціны кіроўцаў


Смаргоні, архіўнае фота
Смаргоні, архіўнае фота

Жыхары Смаргоняў, што ў Горадзенскай вобласьці, улетку ўжо не ўпершыню сутыкнуліся з «частковым зрывам» гарадзкіх аўтобусных маршрутаў: у мясцовым аўтапарку № 17 гэта патлумачылі «вострым дэфіцытам кадраў».

У дадатак да кадравых праблемаў у ліпені адразу шэсьць кіроўцаў аўтобусаў узялі бюлетэнь, піша выданьне «Сьветлы шлях» з спасылкай на інфармацыю мясцовай раёнкі.

Дырэктар аўтапарку № 17 Сяргей Субаткевіч паведаміў, што ў штаце цяпер 35 кіроўцаў. Ажно 14 месцаў застаюцца вакантнымі. Паводле яго, менавіта столькі супрацоўнікаў трэба, каб цалкам закрыць маршрутную сетку безь перапрацовак.

Ён адзначыў, што нядаўна заробак кіроўцаў павысілі на 15%. Цяпер яны атрымліваюць поўны сацыяльны пакет, а «сыстэма аплаты працы ад зробленага дае магчымасьць добрага заробку пры ўмове актыўнай працы».

Сёлета ў Смаргонях чакаюць чатырох новых аўтобусаў, а ў наступным годзе яшчэ шасьці. Адзін аўтобус паставілі ў аўтапарк месяц таму.

Субаткевіч дадаў, што асаблівую ўвагу надаюць «аптымізацыі» маршрутаў. Нягледзячы на перавыкананьне пляну на асобных лініях, нагрузка разьмяркоўваецца нераўнамерна, таму плянуюць «карэктаваньне колькасьці рэйсаў для больш рацыянальнага выкарыстаньня транспарту».

Падобная сытуацыя была і ў чэрвені: тады масавыя скасаваньні рэйсаў таксама тлумачылі недахопам кіроўцаў, а дадаткова спасылаліся на знос машын, які дасягнуў 67%.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG