Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 78-гадовай актывісткі Ніны Багінскай у РАУС забралі імянны гадзіньнік — «Белсат»


Ніна Багінская, архіўнае фота, 19 кастрычніка 2020 году.
Ніна Багінская, архіўнае фота, 19 кастрычніка 2020 году.

Ніна Багінская падала заяву ў міліцыю Першамайскага раёну Менску аб тым, што ў будынку РУУС у яе ўпотай забралі імянны гадзіньнік, паведамілі крыніцы «Белсату».

У панядзелак 18 жніўня супрацоўнікі міліцыі даставілі Ніну Багінскую ў РАУС на машне і адвялі на трэці паверх. У адным з кабінэтаў зь ёй размаўляў мужчына ў цывільным.

Празь нейкі час актывістка спачатку выйшла зь міліцыі, а потым туды вярнулася і паведаміла, што з кішэні курткі зьнік яе гадзіньнік. Ёй удалося прайсьці ў той кабінэт, дзе зь ёй гутарыў чалавек у цывільным. Ён сказаў жанчыне, што гадзіньнік ня верне, бо яго адправяць на экспэртызу. Выдаць Багінскай які-небудзь дакумэнт ці хаця б расьпіску аб тым, што ён забраў гадзіньнік, той чалавек адмовіўся.

Фота: «Белсат», Любоў Лунёва
Фота: «Белсат», Любоў Лунёва

Вядома, што чалавек у цывільным назваўся Дзьмітрыем Кульнісам. Пасьведчаньне асобы не паказваў. Акрамя таго, ён загадаў супрацоўнікам зрэзаць з курткі Багінскай надпіс з патрабаваньнем вызваленьня палітвязьняў: «Палітвязьні — Свабоду».

Вясной 2025 году Ніну Багінскую судзілі па артыкуле аб неаднаразовым парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў (артыкул 342-2 КК) з прычыны некалькіх адміністрацыйных пратаколаў у 2024 годзе. Аднак суд ужыў да яе артыкул 79 КК — асуджэньне без прызначэньня пакараньня, улічваючы ўзрост Багінскай і нязначнасьць правапарушэньняў.

15 жніўня стала вядома, што 78-гадовую Ніну Багінскую ўнесьлі ў «сьпіс экстрэмістаў».


Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG