У суполцы 162.076 удзельнікаў. Група, як адзначаецца на яе старонцы, створаная для тых, хто «сапраўды любіць сваю краіну» і «клапоціцца пра яе будучыню».
Адміністратары суполкі сьцьвярджаюць, што яе ўдзельнікі «не распальваюць міжнацыянальную варожасьць», а выступаюць «за адзінства і росквіт ўсіх народаў і нацыянальнасьцяў».
На тытульнай старонцы групы разьмешчаны каляж са сьцягамі так званых «Данецкай і Луганскай народных рэспублік», а таксама надпіс «Мір Данбасу».
У суполкі таксама ёсьць старонка ў «Ютубе» з больш чым 1 тыс. падпісчыкаў.
Афіцыйны Менск і праўладныя грамадзкія арганізацыі падтрымліваюць кантакты з акупацыйнымі ўладамі на захопленых Расеяй тэрыторыях Украіны.
30 верасьня 2022 году Ўладзімір Пуцін падпісаў дакумэнты аб уваходжаньні ў склад РФ так званых «Данецкай і Луганскай народных рэспублік», а таксама «Запароскай і Хэрсонскай абласьцей». За некалькі дзён да гэтага на часова акупаваных украінскіх тэрыторыях пад кантролем расейскіх вайскоўцаў прайшлі «рэфэрэндумы».
На пачатку 2023 году Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі дэ-факта прызнаў сэпаратысцкія ўтварэньні «ДНР» і «ЛНР». 6 студзеня на сайце верхняй палаты беларускага парлямэнту зьявіўся прэс-рэліз, зь якога вынікала, што член Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Дзьмітрый Баскаў «узяў удзел у акцыі фонду Аляксея Талая па арганізацыі знаходжаньня школьнікаў з Данецкай і Луганскай рэспублік у Менску ў пэрыяд зімовых школьных вакацый».
Адначасова дэ-юрэ ўлады Беларусі незалежнасьць «ДНР» і «ЛНР» не прызналі, гэтак жа як і іх «далучэньне» да Расеі пасьля «рэфэрэндумаў». Пры гэтым афіцыйны Менск ухваляе агрэсію РФ супраць Украіны.
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».
Форум