Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ХАМАС пагадзіліся на 60-дзённае перамір’е, Ізраіль вывучае гэтую прапанову


Ізраільская вайсковая тэхніка на мяжы з Газай, 16 жніўня 2025 году. Ілюстрацыйнае фота
Ізраільская вайсковая тэхніка на мяжы з Газай, 16 жніўня 2025 году. Ілюстрацыйнае фота

Ізраіль вывучае прапанаваны пасярэднікамі новы плян спыненьня агню ў Газе, у той час як у ХАМАС пагадзіліся на 60-дзённае перамір’е без дадатковых умоваў.

Як паведаміла агенцтва AFP, плян спыненьня агню прапанавалі ў выніку некалькіх раўндаў чаўночнай дыпляматыі пры пасярэдніцтве Эгіпту і Катару пры падтрыманьні ЗША.

Агенцтва з спасылкай на публікацыю ў эгіпецкім дзяржаўным выданьні «Аль-Кагіра» адзначыла, што плян прадугледжвае пачатковае 60-дзённае перамір’е, частковае вызваленьне ізраільскіх закладнікаў і некаторых палестынскіх зьняволеных, палажэньні, якія дазваляюць перадачу дапамогі.

Прэмʼер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу пакуль публічна не камэнтаваў гэты плян, але на мінулым тыдні заявіў, што яго краіна прыме «дамову, паводле якой усе закладнікі будуць вызваленыя адразу» і «ў адпаведнасьці зь ізраільскімі ўмовамі спыненьня вайны».

Высокапастаўлены чыноўнік ХАМАС Махмуд Мардаві заявіў у сацыяльных сетках, што яго група «шырока адчыніла дзьверы для магчымага дасягненьня пагадненьня, але застаецца пытаньне, ці зачыніць іх Нэтаньягу зноў, як ён гэта рабіў у мінулым».

Агенцтва Reuters з спасылкай на прадстаўніка ХАМАС удакладніла, што плян прадугледжвае вызваленьне 200 палестынскіх асуджаных, якія знаходзяцца ў турмах Ізраілю, і нявызначанай колькасьці зьняволеных жанчын і непаўналетніх у абмен на 10 жывых і 18 памерлых закладнікаў з Газы.

Апроч таго, пасярэднікі таксама прапанавалі частковы вывад ізраільскіх войскаў, якія цяпер кантралююць 75% Газы, і павелічэньне гуманітарнай дапамогі анкляву, дзе насельніцтва 2,2 мільёна чалавек усё часьцей сутыкаецца з голадам.

Паводле падлікаў AFP, заснаваных на афіцыйнай інфармацыі, у выніку нападу ХАМАС на Ізраіль у кастрычніку 2023 году загінулі 1219 чалавек, пераважна мірныя жыхары. Паводле зьвестак Міністэрства аховы здароўя ў кіраванай ХАМАС Газе, якія Арганізацыя Абʼяднаных Нацый лічыць надзейнымі, у выніку наступу Ізраілю загінулі больш за 62 004 палестынцы, большасьць зь якіх мірныя жыхары.

  • 7 кастрычніка 2023 году баевікі ХАМАС уварваліся на тэрыторыю Ізраілю, забіўшы каля 1200 чалавек і ўзяўшы больш за 250 закладнікаў.
  • У адказ Ізраіль пачаў ваенную апэрацыю ў сэктары Газа, заявіўшы, што яе мэта — вызваліць закладнікаў і зьліквідаваць ХАМАС.
  • Паводле Міністэрства аховы здароўя Газы, падкантрольнага ХАМАС, у выніку ізраільскіх нападаў у гэтым сэктары загінулі больш за 50 000 чалавек. Незалежнага пацьверджаньня гэтым лічбам няма, гэтая статыстыка не падзяляе ўзброеных і цывільных асобаў.
  • У чэрвені прэзыдэнт Палестынскай аўтаноміі Махмуд Абас публічна асудзіў напад баевікоў ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 году. Раней ён заклікаў ХАМАС вызваліць закладнікаў, але ўстрымаўся ад беспасярэднага асуджэньня нападу 7 кастрычніка.
  • Кіраўніцтва Палестынскай нацыянальнай аўтаноміі адмовілася ад падтрымкі тэрарызму як інструмэнту барацьбы за стварэньне арабскай дзяржавы ў Палестыне, але адміністрацыя рэдка асуджае дзеяньні тэрарыстычных груповак.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG