У Літве перад вучэньнямі «Захад-2025» закрылі паветраную прастору ўздоўж мяжы зь Беларусьсю

Расейскія дроны «Гербера». Ілюстрацыйнае фота

Забарона на палёты паветраных суднаў над часткай памежнай зоны будзе дзейнічаць да 1 кастрычніка.

У Міністэрстве нацыянальнай абароны Літвы паведамілі аб закрыцьці паветранай прасторы ўздоўж часткі мяжы зь Беларусьсю.

Як паведаміла агенцтва BNS, такое рашэньне ўхваліла Міністэрства транспарту і камунікацый Літвы ў адзказ на адпаведны зварот Галоўнакамандуючага Ўзброенымі сіламі краіны.

«Гэта было зроблена з улікам сытуацыі зь бясьпекай і пагроз для грамадзтва, у тым ліку рызык, якія ўзьнікаюць для цывільнай авіяцыі праз парушэньні паветранай прасторы бесьпілётнымі лятальнымі апаратамі, а таксама для неабходнасьці стварэньня неабходных умоў для выкананьня літоўскімі вайскоўцамі задач, вызначаных заканадаўствам, у мірны час у адказ на такія і падобныя парушэньні паветранай прасторы», — адзначылі ў Міністэрстве нацыянальнай абароны Літвы.

Забарона можа быць прадоўжаная, калі пагроза ад бесьпілётных лятальных апаратаў, якія ўваходзяць у паветраную прастору Літвы, ня зьменшыцца, — дадалі ў міністэрстве.

За апошні час было сама меней два выпадкі залёту дронаў зь беларускай тэрыторыю ў Літву: 10 ліпеня заляцеў расейскі дрон «Гербера», які імітуе «Шахед», ён быў без выбухоўкі, і 28 ліпеня — таксама бесьпілётнік «Гербера» праляцеў над Вільняй і ўпаў на палігоне за сто кілямэтраў ад мяжы, меў 2 кг выбуховага зараду.

Пасьля апошняга інцыдэнту ў Літве ўзмацнілі ахову неба. Таксама былі абвешчаныя пляны ўмацаваць мяжу і набыць новыя сродкі для выяўленьня бесьпілётнікаў і барацьбы зь імі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дрон зь Беларусі, які ўпаў у Літве, нёс выбухоўку