У Польшчы недалёка ад межаў зь Беларусьсю і Ўкраінай упаў і выбухнуў неапазнаны аб’ект

Неапазнаны лятучы аб’ект упаў на кіяховае поле ў Люблінскім ваяводзтве Польшчы. Ілюстрацыйнае фота

Неапазнаны аб’ект упаў ноччу на кіяховае поле.

Увечары 19 жніўня ў вёсцы Асіны ў Люблінскім ваяводзтве Польшчы нешта ўзарвалася, у выніку выбітыя вокны і пашкоджаныя дзьверы адной з пабудоваў.

Пра выпадак паінфармавала паліцыя Польшчы раніцай 20 жніўня.

У Асінах на незабудаванай тэрыторыі супрацоўнікі знайшлі мэталічныя і плястыкавыя элемэнты невядомага апарату.

«Пацярпелых няма. Пашкоджана разьмешчаная побач гаспадарчая пабудова (разьбітыя вокны і пашкоджаныя дзьверы). Супрацоўнікі паліцыі гарантуюць бясьпеку тэрыторыі, расьсьледаваньне ідзе пад наглядам пракурора. Вайскоўцы і адпаведныя службы апавешчаныя», — сказалі ў паліцыі.

Ад Асінаў да мяжы зь Беларусьсю каля 90 км, да ўкраінскай мяжы — больш за 100 км. Паведамленьне аб здарэньні прыйшло пасьля 2-й гадзіны ночы 20 жніўня, расказаў сяржант павятовай паліцыі Марцін Юзьвік.

«На кіяховым полі мы выявілі абгарэлыя фрагмэнты розных памераў, раскіданыя ў радыюсе некалькіх дзясяткаў мэтраў. Гэта абгарэлыя фрагмэнты мэталу і плястыку», — паведаміў супрацоўнік паліцыі.

Як паведамляе сайт Łuków.TV з спасылкай на высновы сваіх журналістаў, на месцы падзеньня неідэнтыфікаванага абʼекту ўтварыўся кратэр, а сярод абломкаў знойдзены прадмет, падобны на прапэлер. На відэа, апублікаваным парталам, відаць яркі сполах у начным небе, а праз імгненьне чуваць гучны выбух.

Адзін з украінскіх маніторынгавых Telegram-каналаў, які адсочвае рух расейскіх дронаў, паведаміў, што а 22:57 19 жніўня з тэрыторыі Беларусі заляцелі сама меней 2 баявыя бесьпілётнікі, якія накіраваліся спачатку на Кіеўскую вобласьць, а потым зьмянілі свой курс на Жытомірскую вобласьць.

Згодна з паведамленьнем Паветраных сіл Украіны, расейскія войскі для абстрэлаў у ноч на 20 жніўня выкарысталі 93 баявыя дроны, 62 зь іх зьбілі сілы супрацьпаветранай абароны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Неапазнаны дрон зноў заляцеў у Літву з тэрыторыі Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва заявіла аб патрэбе ў дадатковых сыстэмах абароны ад бесьпілётнікаў і зьвярнулася ў NATO па дапамогу