Даўжыня чаргі паставіла новы рэкорд.
У ноч з 19 на 20 жніўня ў чарзе на выезд у Польшчу праз пункт пропуску Берасьце (Тарэспаль) сабралася 4770 легкавых аўтамабіляў і 140 аўтобусаў. Такія зьвесткі зафіксаваў ДПК Беларусі на 2-ю гадзіну начы.
Да раніцы аўтаў у чарзе крыху паменела, зараз выезду чакаюць 4640 легкавых аўтамабіляў (на 8:00).
Яшчэ ўчора легкавікоў было ня больш за 4650.
Пункт пропуску Берасьце (Тарэспаль) — адзіны, які цяпер працуе для легкавікоў. Некаторыя аўтамабілі чакаюць выезду ў Эўразьвяз каля тыдня.
- Пасьля палітычна матываванага прысуду журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюзу палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўленьня волі) 10 лютага 2023 году Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (зь беларускага боку — Бераставіца). Адкрытым застаецца пункт пропуску Тарэспаль (Берасьце).
- Зь вясны 2021 году на мяжы Беларусі і Эўразьвязу працягваецца міграцыйны крызіс, які ўлады Польшчы і краін Балтыі называюць «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.