Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вугоршчыне заявілі аб аднаўленьні паставак нафты з Расеі па нафтаправодзе «Дружба», які ідзе і праз Беларусь


Участак трубаправоду «Дружба», архіўнае фота
Участак трубаправоду «Дружба», архіўнае фота

Міністар замежных спраў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта абвясьціў аб аднаўленьні паставак нафты ў яго краіну з Расеі па нафтаправодзе «Дружба», які раней быў пашкоджаны падчас украінскай атакі.

«Пастаўкі нафты ў Вугоршчыну па нафтаправодзе „Дружба“ былі адноўленыя пасьля нападу Ўкраіны два дні таму... Мы чакаем, што Ўкраіна больш ня будзе атакаваць гэты жыцьцёва важны нафтаправод. Гэта не наша вайна. Вугоршчына павінна заставацца ў баку», — напісаў Пэтэр Сіярта ў сацыяльнай сетцы X позна ўвечары 19 жніўня, падзякаваўшы расейскаму боку за «хуткі рамонт».

Камандуючы ўкраінскімі сіламі бесьпілётных сыстэм Робэрт Броўдзі 18 жніўня заявіў, што ўдар па нафтаперапампоўвальнай станцыі «Нікольскае» ў Тамбоўскай вобласьці Расеі на нявызначаны тэрмін спыніў працу нафтаправоду «Дружба», які пастаўляе расейскую нафту праз Украіну ў Славаччыну і Вугоршчыну.

Міністар замежных спраў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта абвінаваціў Украіну ў «нападзе на энэргетычную бясьпеку яго краіны». Міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга адказаў на гэта, нагадаўшы свайму калегу, што Вугоршчына на працягу многіх гадоў сыстэматычна прыкладала намаганьні для падтрыманьня сваёй энэргетычнай залежнасьці ад Расеі, нягледзячы на даўнія папярэджаньні аб тым, што Масква не зьяўляецца надзейным партнэрам.

Эўрапейская камісія заявіла, што ня мае дастатковай інфармацыі аб атацы на нафтаправод «Дружба», які пастаўляе нафту ў Вугоршчыну і Славаччыну, але ня лічыць гэта рызыкай для энергазабесьпячэньня ЭЗ.

Нафтаправод «Дружба». Каляж Украінскай службы Радыё Свабода
Нафтаправод «Дружба». Каляж Украінскай службы Радыё Свабода

Хоць украінскім узброеным сілам і ўдалося пашкодзіць помпавую станцыю нафтаправоду, расейскі ўчастак «Дружбы» складае 3900 кіляметраў, на якіх дзейнічаюць 46 такіх станцый, так што зусім спыніць рух нафты па трубаправоду, вывеўшы са складу адну зь іх, ня ўдасца.

Беларускі апэратар нафтаправоду «Дружба» — кампанія «Гомельтранснафта» — не заяўляла пра праблемы з дастаўкай нафты на два беларускіх НПЗ. Як заявіў Reform.news экспэрт iSANS, беларускія НПЗ маюць дзесяцідзённы запас нафты.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG